Лукашэнка намякнуў, як ён адкажа на "разгойдванне сітуацыі" і "дэстабілізацыю"

Лукашэнка намякнуў, як ён адкажа на "разгойдванне сітуацыі" і "дэстабілізацыю"

9 чэрвеня падчас нарады з сілавікамі, прысвечанай пытанням нацыянальнай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка намякнуў, як ён адкажа на "разгойдванне сітуацыі" і "дэстабілізацыю". "Чаго так усё дзівяцца: "як Лукашэнка адкажа"? цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Адказ будзе адзін, вы добра разумееце".

Сілавікі, відаць, зразумелі. Але варта было б распавесці і грамадству, што ж гэта за адказ такі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, падзеі развіваюцца па загадзя прадуманым сцэнары: спачатку збор подпісаў пераўтвараецца ў "несанкцыянаваныя мерапрыемствы", што прыводзіць да "дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі", а пасля "яны сфармуюць каманды і групы баевікоў". І ён не выключае, што яны "захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы". Лукашэнка ўпэўнены, што беларускія сілавікі маюць справу толькі з выканаўцамі, а яшчэ ёсць і "гаспадары з грашыма".

Беларускі кіраўнік запатрабаваў прыцягваць да адказнасці за агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні праваахоўнікаў. Паводле яго слоў, пагрозы атрымліваюць і сілавікі, і дзяржаўныя службоўцы, і кіраўнікі ўчастковых выбарчых камісій, якія праводзілі парламенцкія выбары, ды іх сем'і. "З усіх бакоў пагрозы! — эмацыйна гаварыў Лукашэнка. — Што гэта такое?". Ён падкрэсліў, што гэта крымінальнае парушэнне і за яго павінна быць адпаведная адказнасць.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не дапусціць расколу ў грамадстве. "І сёння маем намер прыняць адэкватныя меры, каб захаваць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве, — гаварыў ён. — Для гэтага трэба дакладна разумець, на што гатовыя пайсці асобныя кандыдаты ў кандыдаты для дасягнення сваёй мэты". Кіраўніка дзяржавы цікавіла, якія рэсурсы яны задзейнічаюць "для павышэння свайго рэйтынгу". "Ці не стварае гэта дадатковыя пагрозы?", — спытаўся ён у сілавікоў.

У канцы сваёй прамовы Лукашэнка параіў беларусам асабліва не перажываць і не напружвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі