Лукашэнка: Нас закалыхваць не трэба мірнымі акцыямі і дэманстрацыямі
Мірныя акцыі пратэсту ў Беларусі / Еўрарадыё
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт вулічных акцый пратэсту, якія праходзяць у Беларусі з 9 жніўня. Апошнія тры дні — акцыі асабліва мірныя.
"Нас закалыхваць не трэба мірнымі акцыямі і дэманстрацыямі. Мы бачым, што ў глыбіні адбываецца. Мы вельмі добра гэта бачым. І потым, мы ж метадычкі чыталі каляровых рэвалюцый".
На думку Аляксандр Лукашэнка да "метадычкі каляровых рэвалюцый" ужо дадаліся "элементы знешняга ўмяшання".
Выказаўся Лукашэнка і пра дэманстрантаў, якія выходзяць на акцыі. На яго думку гэтыя людзі, "якія блукаюць па вуліцах, яны ж гэтага ў большасці сваёй не разумеюць. Гэта разумеюць тыя, хто каардынуе і накіроўвае. І вы бачыце - часам працуюць прафесійна: пастановачныя кадры, фэйкі ".
З 9 жніўня, пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў прэзідэнцкіх выбараў па ўсёй краіне праходзяць масавыя акцыі пратэсту. З 9 па 12 жніўня сілавікі жорстка душылі і разганялі акцыі. Было затрымана больш за 6 тысяч чалавек. Для разгону людзей ўжывалі сьлезацечны газ, вадамёты, светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі.
Людзі, якія выходзяць з ЦІП на Акрэсціна распавядаюць пра жудасныя ўмовы ўтрымання і жорсткае абыходжанне з боку сілавікоў. На плошчы беларускіх гарадоў у адказ на фальсіфікацыі выбараў і гвалт з боку сілавікоў выйшлі працоўныя дзяржаўных прадпрыемстваў. Апошнія некалькі дзён усе акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць мірна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.