Лукашэнка: "Наступныя тры-чатыры гады на плячах у нас увесь Савецкі Саюз"
29 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з дзяржсакратаром Станіславам Засем і кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. На ёй абмяркоўвалася далейшае функцыянавання Дзяржсакратарыята Савета бяспекі.
"Наступныя тры-чатыры гады на плячах у нас увесь Савецкі Саюз: і эканамічны складнік (у 2020 годзе Беларусь пачынае старшыняваць у ЕАЭС. — БЕЛТА), і сілавая абарона ў АДКБ, і ў Саюзнай дзяржаве Вышэйшы дзяржсавет цяперашні прэзідэнт Беларусі ўзначальвае. З аднаго боку, ганарова, з другога — адказна", — прыводзіць БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Станіслаў Зась з 1 студзеня 2020 года стане генеральным сакратаром АДКБ. Напярэдадні ён прысутнічаў на саміце кіраўнікоў дзяржаў АДКБ (у тым ліку на закрытай частцы).
"Вы ўбачылі ўсю гэтую "кухню", ушчыльную пазнаёміліся з усімі прэзідэнтамі, убачылі іх пазіцыі, што тычыцца нашага абарончага саюза. Даваць вам наказ няма сэнсу, таму хацеў з вамі абмеркаваць пытанні далейшага функцыянавання Дзяржсакратарыята", — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, Зась ужо фактычна выконвае абавязкі генсакратара АДКБ.
Лукашэнка пацікавіўся, каго Зась прапануе сабе на замену ў Савет бяспекі, ці ёсць цяпер у гэтым органе якія-небудзь праблемы або неабходнасць у рэфармаванні.
Зась быў зацверджаны генсакратаром на пасяджэнні 28 лістапада. Раней гэтую пасаду займаў прадстаўнік Арменіі. Аднак у лістападзе 2018 года пасля змены ўлады Арменія датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава — ён паспеў адпрацаваць на гэтай пасадзе толькі паўтара года замест належных трох. З таго часу абавязкі генсакратара АДКБ выконвае Валерый Семерыкоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.