Лукашэнка: Не трэба боўтацца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце
Аляксандр Лукашэнка на перыяд уборачнай кампаніі даў старшыням райвыканкамаў самыя шырокія паўнамоцтвы. 2 жніўня кіраўнік дзяржавы праводзіць рэспубліканскую селектарную нараду, прысвечаную пытанням уборкі ўраджаю. Трансляцыі яе на тэлебачанні і радыё няма.
Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка заявіў, што да 1 кастрычніка 2017-га рашэнні старшыні райвыканкама “канчатковыя і абскарджанню не падлягаюць”. Толькі кіраўнік вобласці можа іх “паправіць”, але толькі тады, калі кіраўнік раёна на гэта пагодзіцца. Кіраўнік дзяржавы патлумачыў для чаго гэта робіцца: “Я гэта гавару для таго, каб пасля не было спасылак, што ў кагосьці не хапіла паўнамоцтваў, каб убраць хлябы”.
Лукашэнка адзначыў, што ў кожным раёне краіны ёсць 3-4 праблемныя гаспадаркі. І старшыні райвыканкамаў павінны імі займацца. “Не трэба боўтацца па раёне і рабіць выгляд, што вы штосьці кантралюеце, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Едзьце туды, дзе вы патрэбны… Дзейнічайце! Улада ў вашых руках”. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра персанальную адказнасць кіраўнікоў за сітуацыю ў праблемных гаспадарках.