Лукашэнка: Ніякіх шалёных грошай у спорце больш не будзе
На сустрэчы з хакеістамі "Дынама-Мінск" Аляксандр Лукашэнка даручыў прывязаць заробкі спартоўцам і трэнерам да канкрэтнага выніку.
У хакеі, паведаміў кіраўнік дзяржавы, асноўныя кантракты і заробкі будуць у "Дынама-Мінск" і нацыянальнай зборнай. "Там будуць прыстойныя грошы. Усе астатнія павінны зарабляць у клубах столькі, каб нармальна працаваць, таму што спорт — гэта праца, і нармальна жыць, таму што сям'і ёсць. Але не $19 тысяч у месяц, як некаторыя трэнеры мелі сярэдні заробак па мінулым сезоне, не займаючы першага месца", — цытуе БЕЛТА яго словы.
Лукашэнка спаслаўся на спартовы досвед ЗША і Канады. "У ніжэйшай лізе будуць атрымліваць невялікія грошы, каб у хакеістаў было імкненне падняцца наверх — заваяваць месца ў "Дынама", у зборных камандах (моладзевай, юнацкай, асноўнай). Там будуць нармальныя грошы", — патлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што некаторыя трэнеры і кіраўнікі клубаў атрымлівалі заробкі ў некалькі разоў большыя, чым міністры, хаця і не паказвалі належнага выніку працы. "Гэтаму разбою трэба пакласці канец", — запатрабаваў ён.
Лукашэнка паведаміў, што па новай сістэме, калі хакеіст у экстралізе заняў першае месца, то яго гадавая зарплата павінна, напрыклад, падвоіцца. "За першае месца 100% павелічэнне. За другое, дапусцім, 80%. За трэцяе месца — 60%, і гэтак далей. Але ўсё будзе нацэлена на вынік. Нельга плаціць усім пароўну. Гэта крыўдзіць лепшых спартсменаў", — мяркуе кіраўнік Беларусі.