Лукашэнка паабяцаў падтрымку апазіцыйным партыям
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава будзе падтрымліваць развіццё партыйнай сістэмы. Такая заява прагучала 19 траўня на яго сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.
"Калі партыі, якія існуюць, здольныя да ўзнаўлення, ўзмацнення, умацавання, павышэння колькасці, мы будзем гэты працэс падтрымліваць. Прытым і апазіцыйныя, і не апазіцыйныя", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў Беларусі ёсць дзве магутныя арганізацыі — афіцыйныя прафсаюзы, куды ўваходзіць больш за 4 млн чалавек, і грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". Лукашэнка заявіў, што не будзе аддаваць першарадную ўвагу падтрымцы гэтых арганізацыяў. "Але я не хаваю свайго стаўлення да гэтых двух наймагутных арганізацыяў. Яны адыгрывалі і будуць адыгрываць больш істотную ролю ў жыцці нашага грамадства", — падкрэсліў ён.