Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які аблягчае ўмовы стварэння прафсаюзаў
Цяпер для гэтага на прадпрыемстве ці ў арганізацыі не патрабуецца наяўнасць не менш як 10% ад агульнай колькасці работнікаў.
2 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №4, які аблягчае ўмовы стварэння прафесійных саюзаў у Беларусі. Ён уносіць змены і дапаўненні ў дэкрэт кіраўніка дзяржавы ад 1999 года. Дакумент выключае палажэнне, згодна з якім для стварэння і дзейнасці прафсаюза на прадпрыемстве, ва ўстанове ці ў арганізацыі неабходная наяўнасць не менш як 10% ад агульнай колькасці работнікаў.
Адзначаецца, што ўнесеныя змены ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці прафсаюзаў, рэалізацыі і абароны сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з часу афіцыйнага апублікавання дэкрэта, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, 22 траўня Аляксандр Лукашэнка выступаў на VI з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (гл. відэа). Тады ён даручыў прэм'еру Андрэю Кабякову, каб да сярэдзіны наступнага года на прадпрыемствах усіх форм уласнасці краіны з'явіліся прафсаюзныя арганізацыі.
Фота: ria.ru