Лукашэнка падпісаў законы аб грамадзянскай супольнасці і палітычных партыях
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
14 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы "Аб асновах грамадзянскай супольнасці" і "Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў", паведамляе яго прэс-служба.
Першы закон вызначае грамадзянскай супольнасцю толькі праўладныя недзяржаўныя структуры і аб'яднанні. Яны змогуць удзельнічаць у абранні дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, зборы і выпрацоўцы прапаноў для УНС, а таксама ў рэалізацыі яго рашэнняў.
Другі закон прадугледжвае павелічэнне мінімальнага парога для партый з адной да пяці тысяч чальцоў, абавязак мець структуры ва ўсіх абласцях і Мінску ды ўводзіць іншыя больш жорсткія нормы.
Пасля таго, як закон набудзе моц, партыі будуць абавязаныя цягам трох месяцаў падаць у Мінюст дакументы на перарэгістрацыю па новых правілах. Пасля гэтага ведамства на працягу паўгода павінна ці перарэгістраваць іх, ці прыняць рашэнне пра іх ліквідацыю. Грамадскім аб'яднанням на падрыхтоўку да перарэгістрацыі даецца год.
Абодва законы пакуль што афіцыйна не апублікаваныя. Пасля апублікавання закон аб грамадзянскай супольнасці набудзе моц праз тры месяцы, а закон аб партыях і грамадскіх аб'яднаннях — праз 10 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.