Лукашэнка паедзе ў Крэмль "на дыван" праз прызначэнне Карпенкі кіраўніком ЦВК?
Як у Крамлі ўспрымуць экс-міністра Карпенку, які перасеў у крэсла Ярмошынай? / unsplash.com
Замест "нязменнай" Лідзіі Ярмошынай пасаду кіраўніка Цэнтрвыбаркама Беларусі заняў цяпер ужо былы міністр адукацыі Ігар Карпенка. Адна з рэакцый, якія ўзніклі сярод беларусаў пасля такой кадравай перастаноўкі, — "памянялі шыла на мыла". А як Масква адрэагуе на змену кіраўніка беларускага ЦВК?
— Калі ў цэлым вектары па іншых напрамках будуць задавальняць Крэмль, то яны "прыкрыюць вочы", зробяць выгляд, што залічана, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё адказны па пытаннях заканадаўства ў сферы канстытуцыйнага будаўніцтва Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч. — Будуць чакаць далей, што ж там у праекце Канстытуцыі, як пройдзе рэферэндум і калі нарэшце Лукашэнка перасядзе ў іншае крэсла.
— У плыні ўсіх навін стала вядома пра прызначэнне кіраўніка ЦВК, і потым з'явілася інфармацыя пра новую сустрэчу ў Сочы, — працягвае Арцём Праскаловіч. — Можна расцэньваць гэта як рэакцыю. Мабыць, зноў "выклікаюць на дыван", каб сказаць пра "няправільна прынятае рашэнне".
Будуць глядзець у комплексе. Я думаю, яны [ў Крамлі. — Еўрарадыё] аддаюць увагу таму, што адбываецца ў Беларусі. Тэчачка на стол [паднаготная Карпенкі. — Еўрарадыё] ляжа — хто гэты чалавек, якое яго мінулае, якія погляды ў яго, якое ён у сістэме займаў месца і якія ён прапаведаваў каштоўнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.