Лукашэнка папрасіў Пуціна перадаць Меркель, што не хоча з ёй размаўляць
Аляксандр Лукашэнка падчас тэлефоннай папрасіў Уладзіміра Пуціна перадаць канцлеру Германіі Ангеле Меркель, што не хоча з ёй... размаўляць. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Россия 1" сказала прэс-сакратар беларускага кіраўніка Наталля Эйсмант. На сённяшні дзень Лукашэнка не бачыць неабходнасці ў такой размове з Меркель.
"Як гэта будзе выглядаць, калі паралельна з перамовамі з Пуціным... [Лукашэнка] будзе яшчэ і з Меркель нешта абмяркоўваць? — цытуе словы Эймант ria.ru. — На наша меркаванне, гэта... несалідна".
Калі б размова ўсё ж адбылася, эфект быў бы найхутчэй адмоўны, прагназуе прэс-сакратар.
Як вядома, лідары Захаду апошнім часам актыўна кантактуюць наконт сітуацыі ў Беларусі з расійскім прэзідэнтам, верагодна спадзяючыся на яго магчымы ўплыў. Іх найперш турбуюць жорсткія разгоны масавых акцый пратэсту. Захад заклікае Беларусь правесці новыя выбары, а вынікі тых, што прайшлі, не прызнае.
Наталля Эйсмант заявіла, што ўлады Беларусі хочуць, каб Захад "не падтрымліваў тых, хто дэстабілізуе сітуацыю ў Беларусі" і не ўмешваўся ва ўнутраныя справы нашай краіны. Пра гэта Пуцін і мусіць сказаць Меркель, калі палічыць патрэбным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.