Лукашэнка папярэдзіў Пуціна: калі не паставяць нафту, возьмем з трубы
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Светлагорска выказаўся на тэму паставак нафты ў Беларусь. Ён заявіў, што наша краіна працягне наладжваць альтэрнатыўныя варыянты і купляць "чорнае золата" ў іншых краінах. "Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё адно даражэй за расійскую?" — пераказаў словы Уладзіміра Пуціна Лукашэнка. І даў адказ: "Каб кожны год 31 снежня ў 12 гадзін ночы не стаяць на каленях". Як вядома, штогод у Беларусі ўзнікаюць праблемы з дамовамі на пастаўкі нафты і кіраўніку дзяржавы даводзіцца ўдзельнічаць у іх вырашэнні.
"Мы не просім танную нафту, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы купім па сусветнай цане і перапрацуем".
Беларускі кіраўнік заявіў, што ў Сочы "нікога не шантажыраваў", а проста сказаў: "Калі з Расіі не будзе пастаўлена нафта ў патрэбных аб'ёмах..., мы пачнём адбор з транзітнай трубы". У студзені з Расіі ў Беларусь замест 2 млн тон былі пастаўленыя толькі 500 тысяч тон нафты. "Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што за год праз Беларусь праходзіць па трубаправодзе 70 млн тон нафты.
Таксама Лукашэнка паведаміў, што прапрацоўваецца пытанне паставак нафты з Еўрасаюза рэверсам па адной з галін нафтаправода "Дружба". Паводле яго слоў, нафту купяць у Саудаўскай Аравіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Злучаных Штатаў, даставяць у Гданьск і адтуль паставяць "па трубе". Для паставак задзейнічаюць і парты Літвы, Латвіі. Нафту плануюць пастаўляць і праз Украіну, а пасля мазырскі НПЗ забяспечыць сваёй прадукцыяй не толькі паўднёвую суседку, але і "часткова краіны Еўрасаюза".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.