Лукашэнка паставіць пад ружжо Інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету
На вучэбных зборах Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету / БЕЛТА
Уся Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету "павінна стаць пад ружжо" ў выпадку ўзнікнення неспадзяванай сітуацыі. Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка начальніку інспекцыі Юрыю Церцелю, перадае БЕЛТА.
"Інспекцыя — адносна ваенізаванае фармаванне. Ваеннага чалавека туды накіроўваючы, я лічыў, што гэты складнік будзе ўзмоцнены", — сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў пра даручэнне, якое даў міністру па надзвычайных сітуацыях: "Каб сярод моцных, надзейных мужыкоў (ты сам гэта разумееш не горш за мяне) мы маглі — не дай бог, цяжкія часы, — стварыць добрае ваеннае падраздзяленне". У выпадку Інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Лукашэнка разлічвае, што ўзяць у рукі зброю змогуць усе супрацоўнікі. Таму цяпер "дзяцей трэба вучыць. Гэта ж не проста ўзяў вінтоўку і пайшоў на фронт".
Ён таксама даручыў Церцелю "навучыцца кіраваць гэтым войскам" і правесці вучэнні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.