Лукашэнка пра асвятленне выбараў: Сакрэтаў ні ад каго быць не павінна
Аляксандр Лукашэнка заклікаў без лішняй сціпласці прызнаць: выбарчае заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам. Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў 24 траўня на нарадзе па арганізацыі работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання.
Заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, ўлічвае правілы, якія склаліся ў краіне, традыцыі правядзення выбараў, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, памоўчвалі часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна. Пра гэта трэба гаварыць", — перадае БЕЛТА яго словы.
Лукашэнка выказаў сваё меркаванне, як трэба асвятляць выбарчую кампанію: "Сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна".
Ён нагадаў, што дату выбараў павінны абвясціць не пазней за 10 чэрвеня. Раней Лідзія Ярмошына казала, што афіцыйны старт будзе дадзены 7 чэрвеня.
Арганізацыя работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі рэгулярна абмяркоўваецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Гэтым разам на нарадзе ішла гаорка пра ўжо зробленыя крокі, выкананне даручэнняў па ўдасканаленні выбарчага працэсу, гатоўнасць арганізатараў.