Лукашэнка — пра брэсцкі акумулятарны завод: тут людзі перажываюць за экалогію
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў брастаўчан, якія выступалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Гэта адбылося падчас прыезду кіраўніка дзяржавы на святкаванне 1000-годдзя Брэста, перадае БЕЛТА.
"Думаю, не буду вельмі арыгінальны ў сваім меркаванні: я, вядома, на баку людзей. Тут з'явіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны з'явіліся тады, калі ўся інфармацыя стала здабыткам прэзідэнта", — заявіў беларускі кіраўнік.
Ён заявіў, што, атрымаўшы інфармацыю аб праблемах з будаўніцтвам акумулятарнага завода, ён загадаў пераправерыць яе.
"Калі я пераправерыў інфармацыю, я ўбачыў, што тут людзі, якія перажываюць за экалогію, сваё жыццё, жыццё дзяцей, у асноўным маюць рацыю. І я ўбачыў правапарушэнні — з боку і асобных дзяржаўных службоўцаў, і асобных дзялкоў, якія паабяцалі пабудаваць у цэлым патрэбны нам аб'ект", — прызнаўся Лукашэнка.
Брастаўчане пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку горада паўтара года. Нядаўна па падазрэнні ў даванні хабару быў затрыманы кіраўнік кампаніі "АйПаўэр", якая вядзе будаўніцтва, Віктар Лемяшэўскі ды іншыя службовыя асобы. Па гэтай справе былі затрыманыя таксама два чыноўнікі Мінпрыроды.
Завод дагэтуль не атрымаў станоўчай экалагічнай экспертызы. Нядаўна стала вядома, што Брэсцкі аблвыканкам запатрабаваў вярнуць грошы, якія кампанія атрымала з інвестыцыйнага фонду на будаўніцтва прадпрыемства, бо завод не быў запушчаны ў агавораныя тэрміны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.