Лукашэнка пра хатні гвалт, забарону алкаголю, дзедаўшчыну і выхаванне дзяцей

Лукашэнка пра хатні гвалт, забарону алкаголю, дзедаўшчыну і выхаванне дзяцей

Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся на палігоне ў Івацэвічах, зрабіў шэраг рэзанансных заяў — не толькі наконт арміі, але і пра апошнія падзеі ў краіне. Ён жорстка раскрытыкаваў праект закону аб хатнім гвалце, расказаў, чаму адмяніў забарону продажу алкаголю, закрануў дзедаўшчыну ў арміі, тых, хто не служыць у арміі па адтэрміноўцы, а таксама выхаванне дзяцей. Еўрарадыё сабрала самае цікавае.

Хатні гвалт

"Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба".

"Усё гэта (праект закона аб хатнім гвалце. — Еўрарадыё) — дур, узятая, перш за ўсё, з Захаду. Дзесьці хтосьці бразнуў аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і. Гэта зараз модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем'яў не будзе: мужык на мужыку жэніцца або замуж выходзіць. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзінаў у сям'і".

"Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў".

Адмена забароны алкаголю

Забарона на продаж алкаголю ноччу пратрымалася ўсяго адны суткі, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка загадаў на працягу сутак вярнуць усё назад.

“Гэта бязмозглае рашэнне ўрада ў выглядзе эксперыменту. Напэўна, каб дагадзіць міліцыі і гэтак далей. Міліцыю я папярэдзіў. Яна павінна працаваць у тых сацыяльна-эканамічных умовах, якія складваюцца ў дзяржаве".

"Гэта было на маіх вачах: калі было забаронена. У работнікаў органаў улады ў раёне, пракурораў, міліцыі не было праблем: яны закуплялі і нават перапрадавалі. Нам гэта трэба? Нам трэба, каб таксісты прадавалі гэтае спіртное? І справа тут не ў бюджэце, хоць гэта таксама важна".

"Я ж памятаю, як праводзілі “камсамольскія вяселлі" без спіртнога". Ставілі чайнік, а туды налівалі віно, гарэлку. І начальнікі, і падначаленыя, і партыйныя дзеячы пілі і ўсміхаліся падчас гэтых безалкагольных законаў".

Пра выхаванне сваіх дзяцей

"Калі не разумее — магу жорстка сказаць. Я ўсё-ткі прэзідэнт, таму, напэўна, і дзеці ўлічваюць, што бацьку лепш не хваляваць, і калі ён так кажа — гэта ўжо закон. Таму я не ўзор ў выхаванні дзяцей і не прыклад для пераймання. Ды і дзеці разумеюць, што бацьку падвесці нельга. Я вельмі рады, што яны не сталі “залатой моладдзю” — як модна цяпер казаць".

"Я іх прывучаю жыць так, як жывяце вы, як жывуць простыя людзі".

Пра дзедаўшчыну

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нават адзінкавых праяў дзедаўшчыны ў беларускім войску быць не павінна — маючы на ўвазе справу Аляксандра Коржыча, якую цяпер разглядае суд. Але толькі за апошні час у войску адбылося некалькі смярцей праз нестатутныя адносіны. 5 верасня ў воінскай часці № 33933 быў знойдзены павешаным радавы Аляксандр Арлоў.

“Калі я служыў у памежных войсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына. Брыдка тое, што ў нас ёсць, хай і адзінкавыя, факты дзедаўшчыны. У мяне ўсярэдзіне ўсё пераварочваецца. Таму што, калі я служыў у памежных войсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына. Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, — гэта ганьба войска. Гэта мы будзем выпальваць калёным жалезам”.

Пра адтэрміноўкі

“Я трошкі рэзкі пры выказваннях на гэтую тэму. Таму што мяне як мужыка, не толькі як прэзідэнта, дужа кранае. Амаль 80% — па законе ў адтэрміноўцы. Хтосьці па вучобе, хтосьці па сямейных абставінах… Гэта значыць, мы самі прынялі такія рашэнні, што людзі па законе могуць не служыць. Гэта ненармальна. Ведаеце, мы выміраем як клас, мы выміраем як мужыкі”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі