Лукашэнка — пра падзенне беларускай эканомікі
25 траўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі гаварылі пра палітыку, эканоміку і сітуацыю з каранавірусам. Актуальныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пытанні разам з кіраўніком дзяржавы абмяркоўвалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Лукашэнка заявіў, што бачыць магчымасць хуткага аднаўлення беларускай эканомікі пасля падзення, якое адбылося з-за закрыцця краін і рынкаў ва ўмовах пандэміі каранавіруса, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі экспартна арыентаваная эканоміка, таму і адбылося яе "пэўнае падзенне". Але яго ён ацаніў, як "прымальнае" і "цярпімае". Беларускі кіраўнік мяркуе, што незадавальненне людзей ізаляцыяй з-за каранавіруса ў многіх краінах свету можа падштурхнуць улады да "больш інтэнсіўнага" іх адкрыцця. А гэта значыць, што "мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку", прагназуе ён. І падкрэсліў, што некаторыя галіны нават у цяперашніх умовах працуюць з прыбыткам: ІТ-сектар, сельская гаспадарка, будаўніцтва.
"Пытанне будзе з прамысловасцю, — гаварыў Лукашэнка на нарадзе. — Таму што не маглі купіць камплектуючых (усё, што было, мы выкарысталі). І, натуральна, прадаць не маглі сваю прадукцыю".
Аднак і тут кіраўнік дзяржавы бачыць пазітыў — нарыхтаваны значны аб'ём гатовай прадукцыі ўжо пачалі прадаваць. "Гэта добры сігнал на будучыню", — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.