Лукашэнка пра вайну ва Украіне: Гэта павінны вырашаць тры славянскія народы
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатовая дапамагчы ў вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны ў тых сітуацыях, дзе паміж бакамі канфлікту няма даверу. Пра гэта ён заявіў на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, інфармуе БЕЛТА.
"Гэтую праблему (гэта мой пункт гледжання) павінны вырашыць мы, тры славянскія народы. Гэта наша бяда. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ніхто іншы — гэта мы павінны вырашыць гэтую праблему", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка заявіў, што яго карані — ва Украіне, таму гэтае пытанне для яго не чужое.
Па яго словах, для заканчэння вайны мала дамовіцца Украіне і Расіі. "Можна дамовіцца, але гэтага мала. Будзем таксама шчырыя: страчаны давер адзін да аднаго. У сувязі з гэтым, каб быць абсалютна адназначным і пазіцыю Беларусі разумелі нашы браты-украінцы і тыя, хто нас пачуе, каб не было рознага кшталту балбатні вакол гэтага, я хачу прама заявіць: мы гатовыя ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць", — патлумачыў сваё меркаванне Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў ваенны канфлікт ва Украіне. "Я не мог не закрануць гэтую тэму ў сілу таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэтую праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя вайскоўцы ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках", — запэўніў ён.