Лукашэнка прысвоіў ганаровае званне экс-сенатару, якая паспела пабываць у СІЗА
Аляксандр Лукашэнка прысвоіў ганаровае званне экс-сенатару, гендырэктару Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганне Норкус, якая паспела пабываць за кратамі. Цяпер яна "заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь". Указ № 452 ад 1 снежня ў чацвер быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Раней у Норкус было прозвішча Шарэйка. Яна яго змяніла летам 2016-га, калі ўзяла шлюб. Яе муж — літоўскі бізнесмен Вальдэмарас Норкус. Яны амаль два гады правялі ў зняволенні ў Беларусі. Шарэйка абвінавачвалі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, а Норкуса — у саўдзельніцтве. У чэрвені 2016 года гендырэктара фабрыкі і пяць яе супрацоўнікаў Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі, але адразу ж вызваліў. Большую частку тэрміну яны ўжо адсядзелі за кратамі, а рэшту скасавалі па амністыі. Літовец выйшаў на волю крыху пазней.
Цікава, што Ганна Шарэйка працягвала заставацца сенатарам. Толькі пасля яе вызвалення паўнамоцтвы датэрмінова спынілі.
Ужо Ганна Норкус вярнулася на сваё прадпрыемства, і яго становішча палепшылася. У 2018-м яе прызналі "Чалавекам года Віцебшчыны". А цяпер кіраўніцу ўганаравалі званнем. Для Беларусі гэта рэдкі выпадак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.