Лукашэнка прывёў у прыклад Швейцарыю: з адходамі трэба навучыцца працаваць

Лукашэнка прывёў у прыклад Швейцарыю: з адходамі трэба навучыцца працаваць

9 сакавіка на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з урадам, сярод іншых тэмаў, уздымалася праблема перапрацоўкі другаснай сыравіны. З яе вырашэннем у нашай краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства, лічыць кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гаворка ідзе "пра стварэнне стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў". Лукашэнка нагадаў, што раней ён ужо патрабаваў ад "вертыкалі выканаўчай улады... з адходамі... навучыцца працаваць". Як вядома, урад думае над тым, як укараніць дэпазітную сістэму абароту спажывецкай тары з-пад напояў і вады.

Аляксандр Лукашэнка распавёў прысутным пра тое, як вырашаецца праблема ў Швейцарыі, дзе з другаснай сыравіны вырабляюць "многія тавары".

"А нам што замінае? цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Мы што ў кампактнай краіне — гэта ж не Расія — не можам сабраць адходы і перапрацаваць?".

Беларускі кіраўнік абураецца: "Мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не клюне ў пэўнае месца". І ў выніку давядзецца "гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей". І гэта пры тым, што "грошы [ляжаць] пад нагамі — узяць не можам".

Аляксандра Лукашэнку абурыла і тое, што ўрад зацягвае вырашэнне праблемы з другаснай сыравінай — адкладвае яго на 2022 год. А эксперты разам з Адміністрацыяй прэзідэнта такі план падтрымалі. "Дзіўна", — сказаў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі