Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў ААЦ і Службы бяспекі
11 снежня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў Аператыўна-аналітычнага цэнтру і Службы бяспекі прэзідэнта. Начальнікам ААЦ стаў палкоўнік Андрэй Паўлючэнка, які са снежня 2016-га быў кіраўніком Службы бяспекі прэзідэнта. На яго пасадзе цяпер будзе працаваць палкоўнік Дзмітрый Шахраеў, які быў намеснікам Паўлючэнкі. Дарэчы, Шахраеў апошнім часам выконваў абавязкі начальніка ААЦ. Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася, ён там навёў парадак і наладзіў працу. Зась адзначыў і паспяховую працу Паўлючэнкі, як аператыўнага работніка і "аналітычнага чалавека", інфармуе БЕЛТА.
Як паведамляла Еўрарадыё, кіраўніцтва ААЦ было адхілена ад сваіх пасад у сярэдзіне кастрычніка. Здарылася гэта пасля таго, як яго дзейнасць на даручэнне кіраўніка дзяржавы вывучала спецыяльная камісія. Пазней экс-кіраўнік ААЦ Сяргей Шпягун увайшоў у Міжведамственную камісію па бяспецы ў інфармацыйнай сферы.