Лукашэнка расказаў, што будзе рабіць з ядзернай зброяй
Комплекс "Іскандэр-М", які можа быць носьбітам ядзернай зброі / Міністэрства абароны РБ
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гатовы ўжыць ядзерную зброю "без папярэджання", калі супраць Беларусі "будзе здзейснены акт агрэсіі".
"Гэта тычыцца менш за ўсё Украіны. Гэта тычыцца тых вар'ятаў на Захадзе, якія рыхтуюцца", — сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы ўкраінскага паходжання Дыяне Панчанка.
Ён сказаў, што ў яго ёсць і "сёе-тое акрамя ядзернай зброі".
Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка. У пачатку чэрвеня ён назваў дакладную дату, калі гэтую зброю прывязуць у Беларусь, — 7-8 ліпеня. У Крамлі падкрэслівалі, што кантроль за ядзернай зброяй застанецца ў руках расіян.
У ліпені выведка ЗША заяўляла, што першая партыя ядзернай зброі ўжо ў Беларусі. Заходнія палітыкі называюць ядзерным шантажом заявы аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.