Лукашэнка расказаў, якую праблему "вагнераўцы" выявілі ў вайскоўцаў у Беларусі
Расійскія найміты праводзяць трэніроўкі для беларускіх вайскоўцаў, лета 2023 года
13 лютага на нарадзе, прысвечанай праблемам вышэйшай адукацыі, Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра беларускае войска. Ён заклікаў зрабіць так, каб маладыя беларусы не баяліся ісці ў армію.
"Чаму людзі баяцца ісці ў армію? — гаварыў Лукашэнка. — Таму што там цяжка і муштры хапае, за што я вайскоўцаў цяпер нахіляю і нахіляю... Кампактная рэспубліка, дарослыя хлопцы, навошта іх муштраваць?! Вось "вагнераўцы" з намі папрацавалі. Галоўная выснова: фізічна не ўсе гатовыя. А як ваяваць, калі ты фізічна не гатовы?!".
Аляксандр Лукашэнка прапануе "замест дзікай страявой падрыхтоўкі" падцягнуць у вайскоўцаў фізічную падрыхтоўку, а таксама агнявую і тактычную. "Так як трэба, але без муштры, без здзекаў, без "дзедаўшчыны", — дадаў ён. І прапанаваў даваць вайскоўцам тэрміновай службы ў суботу выходны.
Расійскія найміты з ПВК "Вагнер" з'явіліся ў Беларусі летам 2023-га пасля іх "паходу на Маскву". У Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці яны стварылі вялізны лагер. Сотні "вагнераўцаў" працавалі і працягваюць працаваць, як інструктары, з сілавікамі ў РБ. Праз іх "трэніроўкі" праходзілі і вайскоўцы, і байцы спецпадраздзяленняў унутраных войскаў. Між іншым, іх вучылі ўдзелу ў баявых дзеяннях — штурму акопаў, будынкаў.
Па звестках брытанскай разведкі, у РБ засталося менш за тысячу "вагнераўцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.