Лукашэнка распавёў, як агітаваў за Трампа
Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня распавёў тэлеканалу "Беларусь 1" падрабязнасці сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла на мінулым тыдні.
Кіраўнікі Беларусі і Расіі падчас сустрэчы абмеркавалі амерыкана-расійскія адносіны. Бо, па словах Лукашэнкі, ад узаемаадносінаў Расіі з Захадам (і асабліва з ЗША) залежыць і развіццё Беларусі.
Кіраўнік Беларусі чарговы раз заявіў, што галоўнае — развіццё эканомікі: "Я заўсёды пра гэта кажу: калі будзе ў нас развівацца нармальная эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну, хоць бы як цяпер, то ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў: ні знешняй агрэсіі, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас нехта падпарадкуе, растворыць — ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі".
Лукашэнка заявіў, што ён агітаваў за Дональда Трампа падчас выбараў: "Я не хаваў і не хаваю, што я вельмі моцна хварэў за Дональда Трампа і публічна некалькі разоў выказваўся ў ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША на карысць фактычна Дональда Трампа".
Разам з тым кіраўнік Беларусі заявіў, што не заўсёды разумее дзеянні Трампа, хоць і лічыць яго неардынарным паліыткам. У прыватнасці, ён раскрытыкаваў гандлёвыя санкцыі ЗША. "Думаю, калі Дональд адыдзе цяпер ад гэтай жорсткай рыторыкі і сваіх паводзінаў, ён вельмі многае выйграе для ЗША", — заявіў Лукашэнка.