Лукашэнка сустрэўся з адным з самых уплывовых арабаў свету
18 лістапада Аляксандр Лукашэнка прымаў у Мінску дэлегацыю з Катара на чале з міністрам фінансаў гэтай краіны, генсекам Вышэйшага эканамічнага і інвестыцыйнага савета Алі Шарыфам аль-Імадзі. Тэлеканал АНТ адзначае, што ён уваходзіць у сотню найбольш уплывовых арабаў свету. Адзначаецца, што цяперашні візіт — гэта працяг нядаўніх беларуска-катарскіх перамоваў у Досе, якія прайшлі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. На іх была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні дарожнай карты супрацоўніцтва, і ўжо пэўная работа фінансістамі, банкірамі была праведзена.
Лукашэнка: "Я вельмі высока цаню тое, што вы, паабяцаўшы мне прыехаць у Мінск і правесці перамовы з нашымі чальцамі ўраду, службовымі асобамі, па пытаннях, якія нас цікавяць, зрабілі гэта проста імгненна. Думаю, што ваш візіт з вашымі калегамі ў Мінск стане падрыхтоўчым этапам да візіту эміра Катара".
Лукашэнка нагадаў, што пакуль прыклад паспяховага інвеставання Катара ў нашу краіну — гэта пяцізорачны гатэль "Марыёт" на праспекце Пераможцаў у Мінску (інвестыцыі ацэньваюцца на суму каля 200 мільёнаў долараў). Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь гатовая стварыць неабходныя ўмовы для рэалізацыі сумесных беларуска-катарскіх буйных інвестыцыйных праектаў. Алі Шарыф аль-Імадзі пацвердзіў, што Катар мае намер дакладна рэалізаваць усе дамоўленасці на вышэйшым узроўні з Беларуссю. Адпаведныя ўказанні даў эмір Катара.