Лукашэнка сёння гаварыў пра піва, шнапс, самагон і "атруту" для народа
Кіраўнік дзяржавы 10 красавіка правёў нараду, прысвечаную стану і перспектывам развіцця піваварнай галіны Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае піва з'яўляецца больш якасным і натуральным у параўнанні з імпартным. Звяртаючыся да прысутных, ён прызнаўся, што яго насцярожвае: "Вы што імпартнае піва лічыце лепшым за наша і думаеце далей атручваць беларускі народ?". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нейкія "пісьменныя спецыялісты" і людзі кажуць, што ў імпартнай прадукцыі нямала смакавых дабавак і кансервантаў, а "беларускае піва — натуральнае".
У пацверджанне гэтага Лукашэнка прапанаваў правесці эксперымент: "Калі ідзеце ў лазню, вазьміце імпартнае піва і айчыннае — як у нас было прынята пырснуць на камяні — і панюхайце, чым гэта ўсё пахне. Беларускае піва — гэта пах хлеба. Гэта ўсё жывое і натуральнае".
Як паведамляе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў пытанні якасці няма прамой узаемасувязі з мадэрнізацыяй і выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання. І прывёў чарговы прыклад: "Часам на звычайных самагонных апаратах робяць такія напоі, што побач не стаялі ніякая гарэлка ці піва". Таксама кіраўнік дзяржавы распавёў, што бачыў тэлеперадачу пра вытворчасць нямецкага шнапсу па традыцыйнай тэхналогіі: "Паказваюць гэты апарат — ён такі старажытны. А журналісты п'юць і аблізваюцца — шнапс самы лепшы. Дык чаму гэты чалавек, які вырабляе шнапс, не мяняе абсталяванне на суперсучаснае?".
Лукашэнка, аднак, адзначыў, што ён не адмаўляе неабходнасці мадэрнізацыі.
Таксама на нарадзе кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў выпадку неэфектыўнай працы прыватных бровараў яны будуць вернутыя пад кантроль дзяржавы.
Фота — ria.ru