Лукашэнка: трэба прашарсціць гэтых пузатых буржуяў
10 чэрвеня падчас нарады, прысвечанай прэзідэнцкім выбарам у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній. Ён заявіў, што там нібыта звальняюць работнікаў, якія не ставяць подпіс за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Пры гэтым не прывёў факты. Тым не менш, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман мусяць высветліць прычыны звальнення людзей у прыватных кампаніях за апошнія тры месяцы.
АНТ у Telegram змясціла відэа з заявай Лукашэнкі, у якой ён згадаў "буржуяў".
"Падключыць камітэт дзяржаўнага кантроля і іншыя структуры разам з мясцовымі органамі ўлады і прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей, — эмацыйна гаварыў прысутным на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. — Гэта што за сістэма? На Гоа, на Канары, яшчэ на нейкія астравы ў іх ёсць грошы выехаць, а людзям нармальны заробак заплаціць не могуць, ды яшчэ з працы выганяюць. У нашай краіне гэтага быць не павінна!".
Цікава, што правабаронцы і недзяржаўныя СМІ дагэтуль паведамлялі толькі аб прымусовым зборы подпісаў за кіраўніка дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.