Лукашэнка: у Беларусі чатыры смерці ад пнеўманіі, звязанай з каранавірусам
У Беларусі ад пнеўманіі звязанай з каранавірусам памёрлі чатыры чалавекі. Такую лічбу назваў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мір".
"У нас іх усяго чацвёра, якія памерлі ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус. Мы яшчэ ўдакладняем па чацвёртай смерці, ці быў там каранавірус. Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні", — перадае БЕЛТА заяву беларускага кіраўніка.
Міністэрства аховы здароўя 1 красавіка паведаміла толькі пра другую смерць, звязаную з каранавірусам. Неафіцыйна СМІ даведаліся пра тры падобныя выпадкі.
Як вядома, Мінздароўя перастала даваць інфармацыю пра агульную колькасць каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Паводле непацверджаных звестак, іх можа быць больш за 200.
Аднак Лукашэнка заявіў, быццам у Беларусі нічога не хаваюць, бо смерць чалавека ў прынцыпе схаваць немагчыма.
"Пачынаюць гвалтам крычаць, што ў Беларусі нешта хаваюць і не працуюць па вірусу. СААЗ нам рэкамендуе (Качанава ўчора па маім даручэнні размаўляла) змагацца ачагова, кропкава. Гэта значыць, мы, калі бачым ачаг, кідаемся на яго і пачынаем лячыць гэтага чалавека і тых, хто быў вакол. Ніхто так у свеце не працуе. Яны ідуць фронтам. Акружылі горад — ні заехаць, ні выехаць, і ўсіх у дамах замкнулі", — апісаў кіраўнік Беларусі парады ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
На яго думку, сітуацыя ў Беларусі не такая, каб прымаць падобныя меры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.