Лукашэнка ўхваліў працяг курсу на нармалізацыю дачыненняў з ЕС
Аляксандр Лукашэнка ўхваліў працяг курсу на нармалізацыю дачыненняў з Еўрасаюзам. На гэтую тэму ў чацвер кіраўнік дзяржавы размаўляў з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Нядаўна Макей быў у Люксембургу, дзе ўдзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц "Усходняга партнёрства" і краін-чальцоў Еўрасаюзе, сустракаўся з еўракамісарам Ёханэсам Ханам.
Міністр праінфармаваў Лукашэнку пра сваю паездку і пра працу з ЕС над дакументамі, у тым ліку над пагадненнем аб аблягчэнні візавага рэжыму. Уладзімір Макей адзначыў, што па ўсіх дакументах ёсць прагрэс, аднак перыядычна ўсплываюць розныя новыя нюансы (і ў гэтым няма віны беларускага боку, падкрэсліў ён), а яны "патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладнення ці прыняцця рашэнняў".
"Ёсць выразная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы адносна працягу курсу на развіццё нармальных адносін з Еўрапейскім саюзам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных", — цытуе словы Макея БЕЛТА.
Гаворка ішла і пра графік візітаў на вышэйшым узроўні. Аднак магчымасць паездак Лукашэнкі ў краіны ЕС, пра што ў беларускага міністра пыталіся журналісты ў Люксембургу, не згадваецца. Уладзімір Макей толькі сказаў пра "візіты кіраўніка дзяржавы за мяжу".