Лукашэнка “выратаваў” пілотаў “Белавія” ад тэрміновай службы
У Беларусі поўным ходам ідзе веснавы прызыў у войска. У траўні будучыя салдаты, якія з лютага праходзяць медкамісіі і разнастайныя сумоўі, нарэшце адпраўляюцца ў войска. Па звестках Еўрарадыё, сёлета сярод іх маглі апынуцца адразу 16 пілотаў авіякампаніі “Белавія”.
Бацька 25-гадовага пілота распавёў Еўрарадыё, што павестка ў ваенкамат яго сыну прыйшла некалькі тыдняў таму. З самім хлопцам у нас пагутарыць не атрымалася, бо ён знаходзіўся ў рэйсе. Палёты працягваюцца, бо Аляксандр Лукашэнка паспеў падпісаць указ з адтэрміроўкай для пілотаў за некалькі дзён да таго, калі прызыўнік мусіў з’явіцца ў ваенкамаце.
“Увогуле, гэты ўказ падпісваецца штогод яшчэ ў лютым, — распавядае бацька прызыўніка. — Але на гэты раз было шмат “халяўшчыкаў”, Лукашэнка загадаў пераглядзець спісы. Таму ўказ з’явіўся толькі на мінулым тыдні”.
Дакумент дагэтуль не апублікаваны афіцыйна. Па словах кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны Уладзіміра Макарава, у адкрытым доступе яго тэксту пакуль няма.
Намеснік гендырэктара "Белавія" Ігар Чаргінец не змог пракаментаваць інфармацыю пра колькацсь пілотаў, якіх ваенкаматы збіраліся забраць у салдаты. Топ-менеджар авіякампаніі падкрэслівае, што раней яны заўжды пазбягалі службы ў войску.
"Так, безумоўна [супрацоўнікі кампаніі вызваленыя ад службы — Еўрарадыё]. Як пілот можа пайсці ў армію?", — задаецца пытаннем Чаргінец.
Адзін скандал, звязаны з сёлетнім веснавым прызывам, ужо адгрымеў: павесткі з ваенкаматаў атрымалі дзясяткі праваслаўных і каталіцкіх святароў па ўсёй Беларусі. Пасля зваротаў да кіраўніка дзяржавы сітуацыя вырашылася на карысць прадстаўнікоў духавенства. Святарам далі адтэрміноўку тым жа ўказам, што і пілотам, і некаторым спартоўцам.
Уладзімір Макараў распавядае, што прызыў у Беларусі праходзіць згодна з заканадаўствам. Адтэрміноўку ад службы ў войску атрымліваюць тыя, хто мае на гэта права:
“Па 32 артыкуле закона “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” прадастаўляецца адтэрміноўка асобным катэгорыям грамадзян, а таксама на падставе ўказаў прэзідэнта”.
Пад адтэрміноўку хлопцы трапляюць па стане здароўя, для працягу адукацыі, па сямейных абставінах, для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў, а таксама у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў. Ні святары, ні пілоты ў згаданым артыкуле не пералічаныя, таму адзіны спосаб, якім яны могуць атрымаць адтэрміноўку, гэта трапіць ва ўказ Аляксандра Лукашэнкі.