Лукашэнка выступіў у Брэсцкай крэпасці: ваяваць з намі ўжо небяспечна
Уначы 22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка наведаў Брэст, дзе паўдзельнічаў у мерапрыемстве, прысвечаным угодкам пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць — герой" ён усклаў вянок да Вечнага агню і выступіў з прамовай. Лукашэнка гаварыў пра абарону крэпасці летам 1941-га, пра перамогу ў Другой сусветнай вайне. Ён згадаў пра спробы перапісвання гісторыі ў некаторых краінах: "У нашчадкаў здраднікаў свая праўда і свая перамога...". Аляксандр Лукашэнка гаварыў і пра важнасць захавання гістарычнай памяці, інакш "зноў акунемся ў хаос, раздрай, дэстабілізуем краіну, мы спарадзім новую вайну".
Далей прамова была прысвечана палітычным падзеям і тэме каранавіруса. Лукашэнка заявіў, што неабходна працягваць змагацца за незалежнасць нашай краіны, у якой жывуць "свабодныя людзі". "Іншы раз заваяваць прасцей, чым абараніць... Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, галодныя і як жабракі", — цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: катастрофы няма, але расслабляцца нельга. "Будзе ціск сур'ёзны, перш за ўсё эканамічны, — гаварыў ён. — Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі…".
Лукашэнка заявіў, што ўсе праблемы трэба вырашаць не сілавым чынам, а мірна: "Так будзе заўсёды". Яго абурае, што ў замежжы гучаць галасы, што ўлады Беларусі робяць "нешта не тое". Кіраўнік дзяржавы намякнуў на Віктара Бабарыку, патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, які знаходзіцца за кратамі. Нібыта, нехта казаў Лукашэнку: "А калі накраў, так нічога страшнага".
"Калі б мы гэтым зладзюгам за гады сваёй незалежнасці крылы не падрэзалі, мы б сёння пабудавалі алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму глядзіце на гэта спакойна і не думайце, што гэта [затрыманні і крымінальныя справы] хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах".
А яшчэ Лукашэнка заклікаў прысутных уначы ў Брэсцкай крэпасці не паддавацца "на хітрыкі трох-чатырох нейкіх шарлатанаў". Відаць, ён меў сваіх палітычных апанентаў. Ён згадаў сітуацыю з акумулятарным заводам каля Брэста, супраць якога ўжо працяглы час выступаюць мясцовыя жыхары. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што згаданыя "шарлатаны" выкарыстоўваюць у сваіх мэтах "і акумулятары, і заводы, і іншае".
"Трэба — знясем ушчэнт гэты ваш "акумулятар", калі толькі ў ім праблема, — эмацыйна гаварыў беларускі кіраўнік. — Але не ў ім [справа], я гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесці. Памятаеце, што гэтага рабіць нельга".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Брэст для яго "не чужы". Параіў прысутным не перажываць і не напружвацца, ды згадаў "каранапсіхоз". "Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі, — гаварыў Лукашэнка. — Вось гэта для нас галоўнае".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.