Лукашэнка загадаў міліцыі змагацца з каранавірусам
Сітуацыю з каранавірусам абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.
На пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы распавёў, што да яго дайшлі чуткі, быццам Караеў "западозраны ў каранавірусе".
"Аказваецца, жывы і здаровы. Гэта не да таго, што тут некаторыя ўжо папісваюць: "Прэзідэнт заявіў, што мы перамаглі каранавірус". Ні ў якім разе. Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. І самае галоўнае, каб мы вельмі адказна ставіліся да гэтых рэчаў", — цытуе словы Лукашэнкі агенцтва БЕЛТА.
Караеў патлумачыў, што яго сын прыляцеў з Кітая якраз у той дзень, калі ў краіне абвясцілі аб распаўсюдзе каранавіруса. Хлопец вучыцца ў ваенным універсітэце, вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме. Пасля прылёту ён ужо месяц знаходзіцца ў Беларусі і вярнуцца ў Кітай не можа.
Лукашэнка пахваліў кітайцаў за эфектыўныя меры барацьбы супраць каранавіруса і заявіў, што ў Беларусі з захворваннем павінна змагацца і міліцыя.
"Без міліцыі мы ніяк. Але не трэба нікога хапаць, не трэба нікога напружваць. Проста трэба раіць людзям, асабліва старым, дзесьці дапамагчы, падказаць. Калі камусьці трэба, хлебушка і малака ў краме набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома", — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што па вясне ў Беларусі заўжды абвастрэнне хваробаў, але панікаваць не варта: "Гэтая зараза заўсёды ў нас па вясне, хай не такая, а іншая. Не разваліўшы ахову здароўя з савецкіх часоў, нам удаецца процістаяць гэтаму. Але ні ў якім разе расслабляцца нельга".
Лукашэнка кажа, што ў нашай краіне паспяхова стрымліваюць распаўсюд каранавіруса, бо медыкі своечасова прымаюць усе неабходныя меры. "Мы працуем пры найменшым падазрэнні. Калі чалавек недзе быў, мы правяраем і ўсё атачэнне, з кім ён быў у кантакце ў апошні час. Гэта тое, што не рабілася ў Італіі. Італія не працавала на першым-другім узроўні. Толькі калі чалавек захварэў, калі цяжкія клінічныя праявы, тады яго пачыналі лячыць. Вядома, адсюль больш смерцяў", — заявіў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.