Лукашэнка заклікае беларускіх дыпламатаў "паставіць усіх на месца"
Аляксандр Лукашэнка / Reuters
Аляксандр Лукашэнка ў аўторак сабраў у сябе ў рэзідэнцыі дыпламатаў, якія працуюць у дыпмісіях Беларусі за мяжой. Гаварыў пра задачы дыпламатаў ва ўмовах санкцый.
Найперш ён заявіў, што "санкцыйнае цкаванне Беларусі наглядна паказала, што наша знешнепалітычная стратэгія мае патрэбу ў сур'ёзным карэктаванні", паведамляе БЕЛТА.
Задача дыпламатаў у гэтых умовах — шукаць новыя рынкі збыту. Толькі так улада зможа супрацьстаяць санкцыям.
"Без экспарту мы не выжывем. Хай вас не палохаюць заходнія так званыя сектаральныя санкцыі. На нашы тавары заўсёды ёсць попыт. Трэба толькі прыкласці крыху больш высілкаў. Прададзім сваю прадукцыю — вырашым пытанне з санкцыямі", — заявіў Лукашэнка.
Адначасова ён заклікаў дыпламатаў больш актыўна расказваць у краінах знаходжання пра вайну — пра генацыд беларускага народа, пра польскую акупацыю ў міжваенны перыяд "і іншыя бесстароннія факты, якія мы праз сваю прыстойнасць саромеліся прад'явіць". На ягоную думку, гэта таксама можа быць адказам на санкцыі.
"Трэба біць праціўніка ягонай жа зброяй. Вось толькі на нашым баку праўда і мужнасць нашых продкаў. А іх доля — бездапаможныя выкрыкі, шантаж і рэваншызм", — заявіў Лукашэнка.
Такім чынам, лічыць ён, можна супрацьдзейнічаць санкцыям.
"Мы павінны і на гэтым полі, як на вуліцы ў жніўні-верасні, паставіць усіх на месца, хто скоса глядзіць на нашу краіну і бярэцца за эканамічную зброю", — сказаў ён дыпламатам.
Пры гэтым папярэдзіў, што тых, хто рызыкне сысці з сістэмы, чакаюць сур'ёзныя абмежаванні.
"Цырымоніцца не будзем. Зрабіце для сябе высновы. Усе, хто не апраўдаў высокае званне дыпламата, пазбаўленыя адпаведных пасад. Так будзе і надалей", — заявіў ён.
Раней дыпламаты, якія пасля выбараў і гвалту з боку сілавікоў падалі ў адстаўку, былі пазбаўленыя дыпламатычнага рангу. Званняў пазбавіліся, у прыватнасці, былы пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Маркавіч, былы кіраўнік беларускай дыпмісіі Ігар Ляшчэня і Павел Латушка, які раней таксама працаваў у сістэме МЗС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.