Лукашэнка запатрабаваў замацаваць за кожнай фермай па работніку з райвыканкама
На ферме, ілюстрацыйнае фота
Аляксандр Лукашэнка, падобна, знайшоў спосаб, як вырашыць праблему мору жывёлы і прыпісак. Ён прапанаваў замацаваць за кожнай фермай канкрэтных работнікаў райвыканкамаў, а за кожным раёнам — супрацоўніка аблвыканкама.
"З прозвішчамі адпаведна. Каб у далейшым адразу было зразумела, каго ўзнагароджваць, калі справы ідуць добра, а з каго спаганяць, калі дрэнна", — заявіў Лукашэнка на нарадзе ў пытаннях развіцця жывёлагадоўлі. Лукашэнка таксама прызнаў, што за час яго знаходжання ва ўладзе эфектыўнасць у жывёлагадоўлі па некаторых паказчыках прыкметна прасела. У прыватнасці, у пытанні ўзнаўлення статка. "Навукоўцы лічаць, што эфектыўнае ўзнаўленне можа быць пры нараджэнні 95 цялятаў на 100 кароў. І калі ў 90-м годзе ў Беларусі гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 90 цялятаў, то ў апошнія гады мы атрымліваем толькі 72-75 цялятаў на 100 кароў", — расказаў Лукашэнка. Але і гэтых цялят, як высветлілася, у беларускіх гаспадарках захаваць не могуць. У выніку пагалоўе зніжаецца. Некаторыя новыя і рэканструяваныя фермы дагэтуль не ўкамплектаваныя жывёлай. "Некаторыя — ужо больш за 5 гадоў", — прызнаўся Лукашэнка.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, на фермах пустуюць 16 тысяч месцаў для жывёлы. Калі ўрад і губернатары іх не запоўняць, Лукашэнка паабяцаў "разукамплектаваць" чыноўнікаў.
Не атрымліваецца імпартазамясціць і асобныя пазіцыі ў птушкагадоўлі. Сваіх куранят для вытворчасці інкубацыйнага яйка, мяркуючы па словах Лукашэнкі, у Беларусі няма, іх завозяць. "10 ці 5 гадоў вы мне расказваеце пра гэтых куранят. Няўжо мы не можам у сябе вырабляць?" — абурыўся ён. І запатрабаваў на працягу паўгода стварыць бізнес-план селекцыйна-генетычнага цэнтра. Адзначым, што імпартны складнік у канчатковым выніку ўплывае на кошт прадукцыі і цану ў краме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.