Львоў вяртае эвакуатары МАЗу, бо ў іх — дэталі "краіны-агрэсара"
Улады Львова купілі на ўмовах лізінгу тры беларускія эвакуатары вытворчасці МАЗа. Але пасля агляду і тэставага выпрабавання аднаго з іх у Львове выказалі шмат заўваг да тэхнічных і нарматыўных характарыстык машыны. Камісія вырашыла вярнуць тэхніку пастаўшчыку, піша Zaxid.net са словаў намесніка мэра Львова па пытаннях бяспекі горада Сяргея Бабака.
Акрамя тэхнічных заўваг камісія высветліла, што некаторыя агрэгаты рухавіка і хадавой часткі вырабленыя ў Расіі. Між тым раней вытворцы заяўлялі, быццам машыны зробленыя выключна з беларускіх камплектуючых.
"Беручы пад увагу тэхнічныя заўвагі і заканадаўчыя акты, якія забараняюць гандаль з краінай-агрэсарам, лічым недапушчальным выкарыстанне такой тэхнікі ў Львове", — падкрэсліў Бабак. Па яго словах гарадскія ўлады запатрабуюць або замяніць тэхніку, каб яна адпавядала тэхнічным і эксплуатацыйным нарматывам, або вярнуць авансавы плацеж.