“Ляпісы” лічылі за гонар разаграваць Neuro Dubel. Музыкі ― пра Сашу Кулінковіча

“Ляпісы” лічылі за гонар разаграваць Neuro Dubel. Музыкі ― пра Сашу Кулінковіча

Пра смерць Аляксандра Кулінковіча ўдзельнікі “Рока за Баброў” даведваюцца літаральна за хвіліны да пачатку оўпен-эйра. Замест сэта “Нейра Дзюбеля” на фэсце праходзіць хвіліна маўчання, пасля якой “J:МОРС” граюць свой хіт “Не умирай”. На бэкстэйджы фэста цэлы дзень прыгадваюць дзядзю Сашу. А часцей проста разам маўчаць.

Сяргей Міхалок: Гэта сапраўдны паэт. Толькі смерць раскрые грані яго вялікага гурта

Мне бы не хацелася, каб усё было як у песне "Отряд не заметил потери бойца". Сёння сышоў Саша Кулінковіч. Гурт Neuro Dubel ― адзін з самых непрызнаных гуртоў увогуле на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Патэнцыялу ў гэтага калектыву было нашмат больш чым у цяперашніх панк-рок зорак. Не ведаю па волі якога фатальнага death-выпадку Саша Кулінковіч не стаў хэдлайнерам усіх фестываляў на працягу 20 гадоў.

“Ляпісы” лічылі за гонар разаграваць Neuro Dubel. Музыкі ― пра Сашу Кулінковіча
Кулінковіч, Вольскі і Міхалок 10 гадоў таму ў праекце "Каралі раёну"

Ён был вельмі чуллівым, рамантычным чалавекам. Мне падаецца, яго крыху падкасіла ўся гэтая свінячая, бульбяная, шэрая валтузня, якая ўзнікла некалькі месяцаў таму ў Інтэрнэт-прасторы. Няхай тыя, хто зараз сцірае свае гнеўныя пасквілі, усе свае злобныя жарцікі наконт Сашы Кулінковіча, вытруць свае слёзы ўспамінаў. Сябры, вам не перакрэсліць тую старонку, дзе вы пакрыўдзілі некага дарма.

Саша Кулінковіч з тых часоў, калі яму можна было забараніць выступаць там, дзе ён хоча, але яго ніколі нельга было прымусіць выступаць там, дзе ён не хоча. Таму я яго вельмі паважаю.

Гэта сапраўдны паэт. І я думаю, як бывае у нашых гіпербарэйскіх краях, толькі смерць раскрые грані гэтага вялікага гурта. Калісці мы, "Ляпісы", гралі на разагрэве ў "Нейра Дзюбеля" і лічылі за гонар, што нас гэтая сапраўдная панк-фармацыя пускае на падмосткі. Дзякуй Сашу, што ён заставаўся верны. І, перафразаваўшы Ягора Летава, чалавека на канцэрты якога мы з Сашам у далёкія 90-я разам хадзілі... У яго была такая песня "Поэт Башлачёв выпал из окна". Саша Кулінковіч выпіў жыццё да дна. Вось такія справы, сябры.

 

Юрый Стыльскі: Чуў "Переехала комбайном" і для мяне гэта былі рэальныя рок-н-рольныя хіты. Здымаю капялюш

Літаральна месяц таму на "Камянецкім Драйве" Кулінковіч мне кажа: "Хлопцы, вы зацягнулі свой выступ, мы мусім быць пасля вас". А “Дай даргоу!” ніхто не спыняў. Я падумаю галаву, а ён працягвае: "Юра, я так хацеў, каб вы былі пакарацей". Гэта быў быццам бы крык ад яго: "У нас так мала часу. Што рабіць?" Я не ведаў, я быў бы пакарацей. Гэта была апошняя наша з ім сустрэча.

У ім не было ніякай агрэсіі, ён у гэтай сітуацыі паставіўся да нас па-брацку. У мяне пра гэтага чалавека засталіся добрыя і цёплыя успаміны. Я думаю, ён моцна паўплываў. Калі я сам яшчэ не пісаў і толькі пачынаў уваходзіць у гэтую рок-н-рольную плынь, я чуў "Переехала комбайном" і для мяне гэта былі рэальныя рок-н-рольныя хіты. Таму здымаю капялюш.

“Ляпісы” лічылі за гонар разаграваць Neuro Dubel. Музыкі ― пра Сашу Кулінковіча
Neuro Dubel і "Дай даоргу!" на афішы фэста Еўрарадыё "Даём рады!"

Аляксандр Памідораў: Вельмі будзе не хапаць. І сябра, і суразмоўцы, і творцы, і сабутыльніка. Гэта проста немагчыма

У мяне пытаюцца, а я не ведаю што сказаць. Ну, насамрэч. Гэта настолькі знянацку і нестолькі недарэчна. Усё гэта можна патлумачыць тым, што гэта небяспечны ўзрост. Шмат хто сышоў менавіта ў 46 год. Усе кажуць "Сlub 27”... Хлопцы-дзеўкі, ёсць свой клуб 46. Вельмі крыўдна, што да гэтага клубу далучыўся Кулінковіч.

Пётр Клюеў: Людзі мусяць жыць доўга, людзі мусяць жыць шчасліва. Але ў некаторых людзей вельмі трагічны лёс

Я нават не ведаю, што сказать. Павага да чалавека. Чалавек рабіў сваю справу шмат год. Я з ім разам здымаўся ў “Партызан-фільме“. Для мяне гэта быў гонар. Чалавек зрабіў сваю справу ў андэграўндзе Беларусі, уклаў свой унёсак. Царства яму нябёснае. Шкада, што так атрымалася.

Людзі мусяць жыць доўга, людзі мусяць жыць шчасліва. Але ў некаторых людзей вельмі трагічны лёс. Я выказваю спачуванні ўсім прыхільнікам, сябрам і сям’і.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі