Людміла Класкоўская просіць у шведскага Мінюста адмяніць прысуд дачкі
Маці Вольгі Класкоўскай, асуджанай у Швецыі за спробу забойства мужа, звярнулася ў Міністэрства юстыцыі гэтай краіны.
Яна просіць "адмяніць несправядлівы і жорсткі прысуд і памілаваць яе", паведамляе БелаПАН. Копія звароту накіраваная таксама шведскаму амбудсмена.
У сваім пасланні Класкоўская звяртае ўвагу Мінюста Швецыі на некалькі абставінаў. Па-першае, гэта недасканаласць шведскага заканадаўства і прадузятага стаўлення да яе дачкі. Па словах маці, менавіта міграцыйная служба двойчы адмовіла Вользе ў атрыманні віду на жыхарства.
Па-другое, кажа Людміла Класкоўская, у Вольгі незаконна летась у лютым забралі сямімесячнага сына. Адбылося гэта без суда, а толькі на падставе рашэння, напісанага ад рукі чыноўнікам сацыяльнай службы.
Па-трэцяе, па словах Класкоўскай, яна звяртае ўвагу на "помслівага пракурора, якая першапачаткова заняла прадузятую пазіцыю". Пракурор, па словах Людмілы Класкоўскай, асабіста знаёмая з былым мужам яе дачкі. Нягледзячы на гэта, яна ўзяла на сябе ролю дзяржаўнага абвінаваўцы. Калі ж у пракурора быў адпачынак і суд сабраўся памяняць прадстаўніка дзяржабвінавачання, яна захацела давесці справу да канца, распавяла маці асуджанай.
Нагадаем, у жніўні 2013 года Стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства цяпер ужо былога мужа Гёкая Безгіна. Вольга асуджаная на сем гадоў турэмнага зняволення. Яна мусіць выплаціць Безгіну грашовую кампенсацыю ў 110 тысяч шведскіх крон.
Фота — svaboda.org