Стала вядомая прычына затрымкі экстрадыцыі са Швецыі Вольгі Класкоўскай

Экстрадыцыя са Швецыі грамадзянкі Беларусі Вольгі Класкоўскай зацягваецца з-за яе хваробы. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на яе маці Людмілу Класкоўскую. Паводле яе слоў, дачку прымусова адправілі на лячэнне ў неўралагічную клініку. Яе стан звязаны з адмовай шведскіх уладаў у спатканні з сынам і далейшых зносінах з ім. Урачы перакананыя, што беларуска знаходзіцца ў пагранічным стане.

Нагадаем, Вольга Класкоўская была затрыманая ў Швецыі вясной 2013 года па падазрэнні ў замаху на забойства былога мужа. Да гэтага яна некалькі гадоў жыла ў гэтай краіне, выйшла замуж за мясцовага жыхара Гёкая Безгіна. У ліпені 2012-га нарадзіўся сын. Класкоўская двойчы падавала дакументы на атрыманне віду на жыхарства ў Швецыі: пасля шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. Аднак у пачатку 2013-га атрымала чарговую адмову і апынулася перад пагрозай дэпартацыі. У лютым прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай сына Адама на падставе адсутнасці ў яе віду на жыхарства. Хлопчыка аддалі бацьку. Пасля гэтага і здарыўся інцыдэнт, якія стаў прычынай арышту беларускі.

У жніўні 2013-га Стакгольмскі суд прыгаварыў Вольгу Класкоўскую да васьмі гадоў турэмнага зняволення. Апеляцыйны суд скараціў гэты тэрмін да сямі гадоў. Восенню 2014-га Мінюст Швецыі даў згоду на экстрадыцыю Класкоўскай для адбыцця пакарання ў Беларусь. Аднак гэты працэс зацягнуўся.

Маці кажа, што Вольга не здаецца, яна не пазбаўленая "мацярынскіх правоў", яе справа знаходзіцца ў шведскіх судах і ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Яна будзе спрабаваць вярнуць сабе дзіця. Людміла Класкоўская мае намер звярнуцца ў амбасаду Швецыі ў Беларусі, іншыя інстанцыі Швецыі, з тым, каб "дачку памілавалі і адправілі дамоў". "Уся яе трагедыя заключаецца ў несправядлівым адабранні дзіцяці і ізаляванні ад грамадства. Гэта глыбокая псіхалагічная траўма і ўзрушэнне", — кажа яна.

Фота: Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі