“Людзі, якія неслі гэтыя цацкі — яны ж не думалі, што мы ў Кемерава іх павязем?"
Удзень 30 сакавіка мінчукі заўважылі, што нехта выкінуў у сметніцу кветкі і дзіцячыя цацкі, якія беларусы прынеслі да амбасады Расіі ў памяць аб ахвярах пажару ў кемераўскім гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня”. Амбасада не выключае, што нехта адмыслова паклаў кветкі і цацкі ў сметніцу, каб сфатаграфаваць і ўчыніць скандал.
Дыпламаты пакуль устрымліваюцца ад афіцыйных каментароў — кажуць, што зараз ідзе разбіральніцтва, а спецыяліст па сувязях з грамадскасцю знаходзіцца ў камандыроўцы. Але адзін з супрацоўнікаў амбасады пагадзіўся паразмаўляць з Еўрарадыё:
— Ці вядома, хто выкінуў кветкі і цацкі ў сметніцу?
— Пакуль што разбіраемся. Вы разумееце, што гэта могуць выкінуць з кветкавай крамы, сфатаграфаваць і сказаць, што гэта з амбасады? На кветках жа няма пячаткі. І тое самае на цацках.
— Вы самі бачылі сметніцы, пра якія ідзе гаворка?
— Мяне апавясцілі, што ў інтэрнэце ёсць пэўныя фотаздымкі.
— Людзі ў сацыяльных сетках абураюцца.
— Людзі, якія неслі гэтыя кветкі і цацкі — яны ж не думалі, што мы ў Кемерава іх павязем? А што пасля з гэтымі цацкамі рабіць? Нідзе ніякіх указанняў няма.
ЖЭС: Для нас тэрыторыя амбасады, можна сказаць, забароненая
Фота з Чабурашкам, які сумна выглядае з ахапка кветак у сметніцы, абурыла карыстальнікаў сацсетак.
“Смутак афіцыйна скончыўся? Цынікі. Каля дома ўвесь двор у кветках і дзіцячых цацках...” — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook мінчук Яўген Батура, які апублікаваў гэтыя здымкі ў сеціве.
У ЖЭС-34, якая абслугоўвае раён, Еўрарадыё запэўнілі, што не маюць дачынення да непрыгожага ўчынку:
“Тэрыторыю амбасады мы не абслугоўваем. У іх свае дворнікі, прыбіральшчыкі. За імі замацаваная тэрыторыя — нас яна не датычыцца, — распавёў Еўрарадыё галоўны інжынер ЖЭС. — Хто гэта зрабіў? Ніводны мой дворнік не пойдзе туды, для нас гэтая тэрыторыя, можна сказаць, забароненая. Там жа камеры ёсць. Можна міліцыю выклікаць — няхай разбіраецца”.