Маці Ціханоўскага: "Мне 71 год! Я не дажыву, я не ўбачу сына!"

Маці Ціханоўскага: "Мне 71 год! Я не дажыву, я не ўбачу сына!"

Сваякі асуджаных палітвязняў адгукнуліся на сённяшнія прысуды па "справе Ціханоўскага".

Маці Сяргея Ціханоўскага Соф’я Яфрэмаўна адрэагавала вельмі эмацыйна: "Колькі? 18 гадоў майму сыну? За што? За тое, што зладзілі гэтыя людзі на нашым лецішчы? Божа… Мне 71 год! Я не дажыву, я ня ўбачу сына!"

Святлана Ціханоўская ў каментары "Нашай Ніве" зазначыла, што не верыць у агучаны тэрмін зняволення і не мае права казаць дзецям, што яны не пабачаць бацьку столькі наступных гадоў.

"Цяпер трэба яшчэ больш працаваць, сустракацца, падымаць гэтую тэму ва ўсіх СМІ — званіць ва ўсе званы. Расказваць, што такое адбываецца ў Беларусі. Я буду сёння рабіць тое, што магу ў гэтай сітуацыі. Але не плакаць, не галасіць дакладна — нікому гэта не дапаможа", — заяўляе Ціханоўская.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, у сацсетках адзначыла, што падсудныя трымаліся годна: "Не суд, а менавіта яны вызначалі ход гэтага паседжання. Ніхто з іх не скарыўся, усе яны абсалютна перакананыя ў сваёй праваце. Сяргей Ціханоўскі прасіў асабліва перадаць, што ніводны чалавек за 6 месяцаў судовага працэсу не даў супраць іх ніякіх паказанняў".

Дар'я Лосік, жонка фрылансера Радыё "Свабода" Ігара Лосіка, запісала відэазварот да суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, работнікаў СІЗА і непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі.

"Як вам жыць далей, абдымаць сваіх дзяцей, блізкіх і любімых людзей, ведаючы, што вы нарабілі сёння? Спадзяюся, што кепска. Як гэта — усведамляць, што зламалі лёсы і жыцці невінаватым людзям? Спадзяюся, што балюча.

Вы растапталі ўсе законы і нормы права, хоць ваша праца — іх выконваць. Вы схаваліся за дзвярыма СІЗА, судоў і таніраваных мікрааўтобусаў у надзеі, што ніхто і ніколі не ўбачыць вашых твараў, а вашыя справы, чорныя справы, ніколі ня выйдуць вонкі. А дарма, бо суддзі, пракуроры, сілавікі ў гэтай гульні проста пешкі, якія пры нязручным раскладзе пойдуць у расход. Сістэма зжарэ іх гэтаксама, як цяпер пажырае сумленных і выдатных людзей у засценках турмаў".

Непасрэдна Лукашэнку Дар'я Лосік прапанавал сустрэцца вочы ў вочы. Яна хоча расказаць, праз што прайшла яе сям'я дзякуючы яго падначаленым. 

"Як гэта — перажыць дзве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам проста на вачах аднаго з вашых так званых следчых; як гэта, калі цябе змяшчаюць у камеру з псіхічна нездаровымі людзьмі, і як гэта — даведацца, што псіхолаг у СІЗА-3 Гомля падштурхоўвае твайго мужа на новую спробу суіцыду. Я раскажу ў колерах і фарбах пра свае пачуцці, якія ўзнікаюць, калі наша дачка дзень пры дні пытаецца: "Мама, а дзе тата і чаму ён не ходзіць са мной гуляць у парк?". А вы паспрабуеце растлумачыць мне, навошта мы прайшлі і працягваем праходзіць праз усе гэтыя катаванні", — кажа Дар'я Лосік.

Сваім прыкладам і прыкладам дзясяткаў жанчын-палітзняволеных яна абвяргае заяву Лукашэнкі, быццам ён не ваюе супраць жанчын. 

Сёння былі вынесеныя прысуды па "справе Ціханоўскага". Усе фігуранты атрымалі вялізныя тэрміны: Сяргей Ціханоўскі — 18 гадоў узмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — 14 гадоў, Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч — па 15 гадоў, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў — па 16 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі