МАК падтрымаў нядопуск расійскіх легкаатлетаў на Алімпіяду ў Рыа
Міжнародны алімпійскі камітэт падтрымаў і ўхваліў рашэнне Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ІААФ) аб дыскваліфікацыі расійскіх легкаатлетаў. Цяпер яны будуць адхіленыя ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Паколькі крытэрыі адбору спартсменаў для любога міжнароднага спаборніцтва, у тым ліку да Алімпійскіх гульняў, з’яўляюцца прэрагатывай адпаведнай міжнароднай федэрацыі, рашэнне ІААФ не аспрэчвалася. У МАК падкрэсліваюць, што адхіленне расіян ад Алімпіяды адпавядае палітыцы абсалютнай нецярпімасці да ўжывання допінгу, паведамляюць замежныя СМІ.
Расійская лёгкаатлетычная зборная была адхіленая ад міжнародных спаборніцтваў пад эгідай ІААФ у лістападзе 2015 года пасля шэрагу допінгавых скандалаў. 17 чэрвеня на спецыяльным пасяджэнні ІААФ было прынятае рашэнне не дапусціць расіян да Гульняў у Рыа. Гэтае пытанне яшчэ будзе разглядацца 21 чэрвеня па пасяджэнні МАК, але спецыялісты адзначаюць, што ў расіян мала шансаў трапіць на Алімпіяду.
Тым часам нямецкае выданне Der Spiegel апублікавала матэрыял пра тое, што ад удзелу у Алімпіядзе могуць адхіліць усю расійскую зборную. Выданне спасылаецца на неназваныя крыніцы ў МАК. Паводле іх інфармацыі, парадак дня камітэта МАК фармуе яго прэзідэнт Томас Бах — ён спачатку абмяркуе сітуацыю з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным, з якім падтрымлівае сяброўскія адносіны.
Калі ж ад Гульняў у Рыа адхіляць не толькі легкаатлетаў, але і прадстаўнікоў іншых відаў спорту, гэта будзе “гістарычным рашэннем”.