Макей: Беларусь — дзяржава, якая не стварае праблемы
Беларусь — дзяржава, якая не стварае праблемы, а ўносіць свой унёсак у забеспячэнне стабільнасці ў рэгіёне. З такой заявай ў інтэрв’ю тэлеканалу “Мір” выступіў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Ён супакойвае суседнія дзяржавы з нагоды беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2017”, якія адбудуцца ў верасні.
Макей адзначыў, што размяшчэнне некалькіх тысяч вайскоўцаў і дзясяткаў танкаў Паўночнаатлантычнага блока ў Польшчы і краінах Балтыі насцярожвае, хаця сітуацыю ў ваенным плане кардынальна не змяніла. Аднак апошнім часам афіцыйны Мінск бачыць “узмацненне ваяўнічай рыторыкі паміж Усходам і Захадам”. Міністр прыгадаў, што дзяржавы NATO заклапочаныя будучымі беларуска-расійскімі вучэннямі. “З іх пункту гледжання, гэтыя вучэнні маюць агрэсіўны характар, як быццам у выніку гэтых вучэнняў плануецца напад на нейкія суседнія дзяржавы, — кажа Уладзімір Макей. — Хачу адназначна сказаць. З беларускага боку ні ў дачыненні да нікога ніколі не зыходзіла пагроза і не будзе зыходзіць”.
Міністр замежных спраў нагадаў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой не было ніякіх узброеных канфліктаў.