Макей і Лаўроў зацікавіліся ўдзелам беларускіх палкоў у вайне 1812 года
Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў зацікавіліся ўдзелам беларускіх палкоў у вайне 1812 года. Міністры замежных спраў Беларусі і Расіі звярнуліся ў пастаянны камітэт "саюзнай дзяржавы" РБ і РФ з просьбай паўдзельнічаць разам з архівістамі ў вывучэнні тэмы, заявіў дзяржсакратар "саюзнай дзяржавы", былы расійскі пасол у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
Мезенцаў падкрэслівае, што шэсць беларускіх палкоў рускай арміі "абаранялі адзіную айчыну" — Расійскую імперыю. Тую вайну ў Расіі лічаць Айчыннай. Для Беларусі ж усё не так адназначна, паколькі беларускія палкі ваявалі і на баку Напалеона. Пра іх Макей, Лаўроў і Мезенцаў не згадваюць. Затое апошні прыгадаў, што сёлета "адзначаецца 250 гадоў уваходжання беларускіх губерняў у склад Расійскай імперыі", паведамляе ТАСС. Няўжо ён лічыць, што для беларусаў гэта пазітыўная дата?
У 2019-м Аляксандр Лукашэнка неяк заявіў, што і вайна 1812 года, і сусветныя войны ХХ стагоддзя — "не нашыя войны". Гэта абурыла тагачаснага расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.