Макей: Лукашэнка і Пуцін будуць гаварыць пра "паглыбленне інтэграцыі"
Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі можа адбыцца ў канцы лютага. Пра гэта заявіў у пятніцу міністр замежных спраў РБ Уладзімір Макей.
Пра тое, што сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна рыхтуецца, 10 лютага паведаміў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. "Коммерсант" напісаў, што яна можа адбыцца ў канцы лютага ў Сочы.
Макей таксама паведаміў, што ў парадку дня сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна "будуць і канкрэтныя пытанні, звязаныя з далейшым паглыбленнем інтэграцыі паміж нашымі дзяржавамі".
Папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаліся ў сярэдзіне верасня ў Сочы, калі ў Беларусі праходзілі масавыя пратэсты. Пасля таго яны размаўлялі ці па тэлефоне, ці кантактавалі падчас анлайн-самітаў.
З'явілася неафіцыйная інфармацыя, што падчас візіту Аляксандр Лукашэнка будзе абмяркоўваць выдачу новага расійскага крэдыту ў 3 млрд долараў. Крэмль гэта пакуль не пацвярджае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.