У Маскве заявілі, што рыхтуецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна
У Маскве заявілі, што рыхтуецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. "Тэрміны паведамім своечасова. Сустрэча рыхтуецца", — сказаў ria.ru прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Па звестках "Коммерсанта", сустрэча можа адбыцца ў канцы лютага ў Сочы.
Афіцыйны Мінск гэтыя паведамленні яшчэ не пракаментаваў.
Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў сярэдзіне верасня ў Сочы. Пасля таго яны размаўлялі альбо па тэлефоне, альбо кантактавалі падчас анлайн-самітаў.
Сустрэча ў Сочы праходзіла на фоне масавых пратэстаў у Беларусі. Цяпер яны прыціхлі, але сёлета выбухнулі ў Расіі. Так што Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну будзе пра што пагаварыць. У тым ліку і пра "канстытуцыйную рэформу", і пра "дыялог", і пра іншыя "сочынскія абяцанні" — усё гэта ў нашай краіне не адбылося. Затое 11 лютага стартуе "Усебеларускі народны сход", на якім выступіць Лукашэнка.
Варта нагадаць, што нядаўна намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў зноў загаварыў пра адзіную валюту Беларусі і Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.