Дзмітрый Мядзведзеў зноў загаварыў пра адзіную валюту Беларусі і Расіі
Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў зноў загаварыў пра адзіную валюту Беларусі і Расіі.
Па яго словах, якія перадае агенцтва "Прайм", інтэграцыя ўзаемакарысная. "Нам трэба інтэгравацца больш шчыльна і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, уключаючы тыя элементы збліжэння, злучэння патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя. А гэта самыя розныя пытанні, аж да адзінай валюты. І да гэтага трэба рухацца. Тэмпы руху могуць быць розныя", — заявіў Мядзведзеў.
Ён нагадаў, што раней афіцыйны Мінск заяўляў, быццам Крэмль цісне і прыспешвае.
"Але не, мы не ціснем, проста нам падаецца — гэта ў нашых інтарэсах. Цяпер там трошкі іншая сітуацыя, трэба, каб яны нармалізавалі ў цэлым сітуацыю ўнутры краіны, але я ўпэўнены, што інтэграцыйны рух павінен працягнуцца, бо ніякай альтэрнатывы няма", — дадаў расійскі чыноўнік.
Мядзведзеў дадаў, што беларуская эканоміка цалкам заточаная на расійскую, і беларускую прадукцыю нідзе не чакаюць. "Іх у іншых месцах нідзе не чакаюць. Менавіта таму шчыльная інтэграцыя паміж эканомікамі, прыняцце найважнейшых рашэнняў у сферы рэгулявання — у інтарэсах дзвюх краін", —патлумачыў ён.
Размовы пра магчымасць адзінай валюты вядуцца з 1999 года, калі ў Маскве была падпісаная дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. У снежні 2019-га была створаная працоўная група, якая мусіла прыняць праграму паглыблення інтэграцыі. Яна распрацавала 31 праект галіновых дарожных карт. Але ў выніку праграма так і не была прынятая — нават адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй адклалі як мінімум да канца 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.