Макей: закрываць пасольствы ў краінах ЕС пакуль не будзем
Беларусь пакуль захавае ўсе пасольствы, якія дзейнічаюць у краінах ЕС. Гэта вынікае са слоў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць скараціць беларускія дыппрадстаўніцтвы ў Еўропе.
"На дадзеным этапе мы не плануем прама заўтра закрываць нашы замежныя ўстановы ў той ці най краіне ЕС, — цытуе словы Макея БЕЛТА. — Але, вядома ж, мы будзем назіраць за сітуацыяй".
Міністр удакладніў, што назіраць у Мінску будуць найперш за далейшай з сітуацыяй з санкцыямі, якія ўвёў і яшчэ плануе ўвесці "калектыўны Захад". І калі пабачаць, што няма перспектывы ў гандлёва-эканамічным узаемадзеянні з нейкай краінай, МЗС унясе прапанову ўраду і кіраўніку дзяржавы аб закрыцці там пасольства.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што "выбудоўваецца нейкі новы фармат адносін па лініі ЕС — Беларусь" і да канца 2021 года будзе прынятае рашэнне "па аптымізацыі" сеткі беларускіх замежных устаноў.
Аляксандр Лукашэнка гаварыў на нарадзе, прысвечанай пытанням знешняй палітыкі, што няма сэнсу "трымаць [у краінах ЕС] кучу дыпламатаў, калі мы наогул з імі не гандлюем". Ён прапанаваў здымаць для паслоў кватэры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.