Маладзечанец, які трымаў музычную калонку на акцыі, атрымаў 2 гады "хіміі"
Маладзечанец, які трымаў музычную калонку на вулічнай акцыі, атрымаў 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Як паведамляе spring96.org, Віктара Таўгеня прызналі вінаватым у "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Яго справу разглядаў суд Маладзечанскага раёна, суддзя — Іна Каханоўская.
Таўгеня абвінавацілі ў тым, што ўвечары 9 жніўня 2020-га ён "груба парушаў грамадскі парадак": "махаў рукамі, уключаў гучна музыку на магнітафоне, ствараў штучнае асвятленне ліхтарыкам". Да суда мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. За ўдзел у той жа акцыі ён з 12 да 16 жніўня адбыў адміністрацыйны арышт.
Віктар Таўгень сваёй віны не прызнаў. Падрабязна пра суд — на сайце праваабаронцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.