Малдаванін ехаў у Беларусь са снарадам у кішэні
Грамадзянін Малдовы спрабаваў увезці ў Беларусь снарад часоў Другой сусветнай вайны. Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, корпус мінамётнага снарада знайшлі 5 лютага ў пункце пропуску “Новая Рудня” на мяжы з Украінай падчас афармлення на ўезд аўтамабіля Ford Transit.
Боепрыпас знайшлі пры дапамозе металашукальніка ў кішэні курткі малдаваніна, які быў за рулём аўто. Мужчына патлумачыў, што вязе гэты “сувенір” сябру-калекцыянеру ў Маскву.
Снарад забралі і даставілі на экспертызу.