МАЗ хацеў бы заняць плошчы завода Volvo ў Расіі — Круты

Тэхніка МАЗ / maz.by
Тэхніка МАЗ / maz.by

Беларускі МАЗ гатовы заняць плошчы завода Volvo ў Калужскай вобласці і арганізаваць там сваю вытворчасць. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню. З ягоных слоў, "цяпер ідуць перамовы, таму што расіяне, улічваючы градус і статус нашых стасункаў, гатовыя гэтыя плошчы даць нам фактычна дарма". Круты кажа, што Беларусь магла б вырабляць на гэтых плошчах альбо грузавікі МАЗ, альбо пасажырскія аўтобусы, альбо электрычны транспарт.

Шведскі канцэрн Volvo заявіў аб сыходзе з Расіі пасля пачатку вайны з Украінай. Зборка грузавікоў на заводзе ў Калузе была спыненая вясной 2022 года. Мінулай восенню стала вядома, што Volvo шукае спосабы пазбавіцца ад расійскіх актываў. У канцы чэрвеня губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша распавядаў на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, што цікавасць да набыцця завода праяўляюць кітайскія кампаніі. Адна з іх аўтамабільная карпарацыя China FAW Group. Але ёсць і "айчынныя интарасанты", гатовыя купіць завод. Пра партнёрства з Беларуссю тады ён не згадаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі