Медыкі: Валянціна Быкава ў цяжкім стане

Медыкі: Валянціна Быкава ў цяжкім стане

Валянціна Быкава, сястра пісьменніка Васіля Быкава, якая пацярпела ад нападу невядомага зламысніка, знаходзіцца ў цяжкім стане. Пра гэта паведамляе журналіст і блогер Глеб Лабадзенка ў сваім Фэйсбуку.

“Звязаўся з рэанімацыяй Вушацкай лякарні. Інфармацыю даваць адмовіліся, сказалі толькі, што стан Валянціны Быкавай цяжкі. Падрабязней — толькі асабіста і толькі блізкім сваякам. Перадачы, сказалі, ніякія не трэба, маўляў, усё ёсць”, — напісаў Лабадзенка.

Ён адзначыў, што бліжэйшыя сваякі Валянціны Уладзіміраўны — гэта два пляменнікі (дзеці Васіля Быкава). Адзін з іх жыве ў Гродне, другі ў Мінску.

Як стала вядома раней, напад на Валянціну Быкаву быў здзейснены раніцай 27 траўня. Жанчына пачула нейкі шум у бакавым пакоі свайго дома, выйшла паглядзець і ў той момант атрымала моцны ўдар. Яна стала крычаць, а нападнік заціскаў ёй рот. У выніку ён зламаў пацярпелай некалькі рабрынаў і руку, а сам уцёк.

Нападніка шукаюць. Паколькі ён нападаў з-заду, Валянціна Быкава не змагла яго пазнаць. Глеб Лабадзенка адзначае, што жанчына жыла вельмі сціпла і ў яе доме не было нічога каштоўнага, каб скрасці. Зламыснікам мог быць хіба толькі дробны злодзей, які шукаў грошы на выпіўку.

Сёлета ў ліпені Валянціне Уладзіміраўне Быкавай споўніцца 90 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі